Хто яны — рукакрылыя, навошта і як іх ахоўваюць? Лекцыі з хіраптэролагамі, гарадскі квэст, кінапаказ у пушчы і начныя адловы кажаноў пазнаёмяць вас бліжэй з гэтымі звяркамі. Тыдзень кажаноў пройдзе з 23 па 29 жніўня. Арганізуе мерапрыемства “Ахова птушак бацькаўшчыны”.
“Ахова птушак бацькаўшчыны” (АПБ) падрыхтавала анлайн-лекцыю з замежнымі спікерамі, кажановы квэст у Мінску, а таксама Ноч кажаноў у Белавежскай пушчы.
23 жніўня, панядзелак, 19.00 — дзікая анлайн-лекцыя з АПБ ад трох вядучых еўрапейскіх экспертаў “Пра што вам не раскажуць ні Дракула, ні Бэтмэн”.
- Што рабіць, калі ў цябе на балконе пасялілася сотня “бэтмэнаў”?
- Ці вінаватыя кажаны ў распаўсюдзе COVID-19?
- Як пасяліць рукакрылых побач і як ужывацца з такімі суседзямі?
- Чаму кажаноў узімку цягне да халадзільніка?
- Чаму рукакрылыя ўстойлівыя да вірусаў і доўга жывуць?
- Кажаны страшныя ці няшныя?
На гэтыя і іншыя пытанні адкажуць эксперты з Нідэрландаў, Украіны і Беларусі.
Каб трапіць на лекцыю, патрэбная рэгістрацыя.
24 жніўня ў сторыз у Інстаграме АПБ можна будзе задаць пытанні хіраптэролагу, на якія ён адкажа ў відэафармаце.
25-27 жніўня — гарадскі квэст у Мінску.
Шукай схаваныя лоты з цікавымі фактамі пра кажаноў і падказкамі, дзе знайсці наступны! Тыя, хто пройдуць квэст да канца, атрымаюць сімвалічныя падарункі ад АПБ.
Правілы квэсту будуць абвешчаныя 25 жніўня (серада) а 6.00 на ютуб-канале АПБ.
28-29 жніўня — Ноч кажаноў у Белавежскай пушчы.
У праграме — начныя адловы кажаноў (потым іх зноў адпусцяць на волю), “рукакрылая” экскурсія па запаведным лесе, выстава “Кажаны на калажах Рамана Янотава”, лекцыя, кінапаказ, аквагрым. Прыязджай з дзеткамі, будзе цікава! Патрэбная папярэдняя рэгістрацыя.
Месца правядзення: Белавежская пушча, гасцінічны комплекс “Жаркаўшчына”. Месцы госці браніруюць самастойна па тэлефоне +375151374661, пры браніраванні трэба сказаць, што едзеш на Ноч кажаноў. Колькасць месцаў у гасцініцы абмежаваная.
Ноч кажаноў у Белавежскай пушчы пройдзе ў межах Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы, які АПБ рэалізуе сумесна з ДПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча» пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Германія).
Фото: ptushki.org, unsplash.com
Следите за нами в Instagram, Facebook, ВКонтакте, подписывайтесь на наш Telegram-канал!