Мінскі гурт Recha прэзентаваў на партале Ultra-Music.com кліп на песню «Горад». Відэа ўжо атрымала шэраг узнагародаў на фестывалях анімацыйных фільмаў.
Рэжысёрам і мастаком кліпу стаў лідар гурта Recha Андрусь Такінданг, а кампутарную анімацыю зрабіў Дзяніс Міжуй.
— Вулічныя музыкі бароняць горад-герой ад нашэсця субкультурных зомбі — такі кароткі змест відэа, на стварэнне якога нас натхніў Мінск ды яго жыхары, — кажа Андрусь Такінданг. — Колькі год на вуліцах сталіцы, асабліва ля макдональдсу на «кастрах», можна назіраць шэрагі стракатай моладзі. Эма-недалугі змянілі R’n’B-красунь, потым прыйшлі хіпстары. Можна набыць любое адзенне ды не баяцца атрымаць за даўгія валасы ў галаву. І хаця ў большасці выпадкаў даводзіцца ставіць дэфіс — гопнік-рокер, гопнік-рэпер, гопнік-хіпстар ды гопнік-гопнік, горад наш усё ж цудоўны, кранальны, нераўнуючы, як пятнаццацігадовы падлетак у краме адзення.