Гурт BosaeSonca прэзентаваў на партале Ultra-Music.com акустычны альбом «Адпусці». У яго ўвайшлі як лепшыя песні з «Залатога» альбому, так і кампазіцыі, якія ніколі не выдаваліся за дзесяць год існавання гурта.
Па словах музыкаў, за час працы гурта BosaeSonca накапілася досыць шмат песень, якія ніяк не ўпісваліся ў канцэпт «Залатога» альбому.
— Папросту «выкінуць» гэтыя песні мне было вельмі шкада, бо гэта ўсё ж частка маіх думак, няхай сабе і колішніх, — кажа лідэр гурта Алесь Кот-Зайцаў. — Да таго ж, я ведаю, што ёсць людзі, якія вельмі любяць гэтыя песні і ходзяць на канцэрты BS менавіта з-за іх. Але рабіць альбом перажытых, старых песень, свайго роду «альбом-рэтраспектыву» ў свае 25 год я палічыў за глупства :)
Музыкі вырашылі перааранжыраваць старыя песні, аздобіць іх гучаннем струнных і заміксаваць з новымі, актуальнымі цяпер для гурта трэкамі.